Министерство образования Республики Беларусь
Отдел по образованию Ивацевичского райисполкома
Государственное учреждение образования "Гощевская средняя школа"
ДУА “Гошчаўская сярэдняя школа”
Даследчая праца:
“Мой род, мая сям’я”
Выканала: Еўтух Анастасія
вучаніца 4 класа
Кіраўнік: Валошчык Н.І.
настаўнік пачатковых
класаў
Гошчава – 2012
Змест
III. Заключэнне ………………………………………………………..10
У кожнага чалавека свой радавод, тое адзінае, непаўторнае дрэва са ствалом,
галінамі і галінкамі,каранямі і карэньчыкамі,
якія кормяць і кормяцца, п’юць і пояць.
У. Ліпскі
Тэму сваёй работы я выбрала не выпадкова. Справа ў тым, што ў трэцім класе ў нас была праведзена класная гадзіна на тэму “Ці ведаеш ты свае карані?”
На занятку мы спрабавалі намаляваць сваё радавое дрэва. Кожны з нас быў вяршыняй свайго радавога дрэва, яго маладзенькая галінка. А нашы бацькі, бабулі і дзядулі – гэта магутныя ствалы і карані нашага сямейнага дрэва. На занятку мы даведаліся, што кожны чалавек павінен ведаць гісторыю сваёй сям’і, сваю радаслоўную. Бо гэта і ёсць частка гісторыі нашай Радзімы. Мы даведаліся, што абазначаюць тэрміны “радаслоўная”, “радавое дрэва”.
Класны кіраўнік папрасіла аднесці схему радавога дрэва дадому, дамаляваць яе разам з бацькамі, высветліць у бацькоў імёны прабабуль і прадзядуль, бо кожны чалавек на зямлі мае сваё прозвішча і імя, гэта адрознівае яго ад другіх людзей. А прозвішча чалавека, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне, - яго гонар.
Мяне вельмі зацікавіў лёс кожнай галінкі радавога дрэва, так як з занятка я добра запамятавала выраз “… кожны чалавек павінен ведаць свой род мінімум да пятага калена”. З адпаведнымі пытаннямі я звярнулася да мамы, таты, бабуль, пасля да родных і сваякоў. Так пачаліся пошукі.
У выніку размоў са сваімі роднымі з’явіўся жыццяпіс продкаў, такім чынам было нібы пасаджана радавое дрэва.
Галоўная мэта маёй работы заключаецца ў тым, каб высветліць адкуль пайшлі крыніцы майго жыцця, каб пазнаць сябе, асэнсаваць каштоўнасці сям’і, яе неабходнасці, каб адчуць повязь пакаленняў, моц тых каранёў, што трымаюць мяне на зямлі і не даюць упасці.
Задачы:
1) даведацца пра гісторыю свайго роду ад родных і сваякоў;
2) сабраць вусныя паведамленні, фотаздымкі, дакументальныя падцверджанні;
3) скласці радаводнае дрэва.
Гіпотэза: мяркую, што вызначу гістарычны шлях сваіх продкаў да пятага калена, каб лічыцца годнай свайго высокага звання “Чалавек”.
Аб’ект даследавання: сям’я.
Прадмет даследавання: радавод.
Мяне завуць Еўтух Анастасія. Нарадзілася я 30 студзеня 2002 года ў вёсцы Гошчава Стайкаўскага сельсавета Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў мнагадзетнай сям’і калгаснікаў. У дашкольным узросце наведвала Гошчаўскі дзіцячы сад, а калі мне споўнілася шэсць гадоў, я пайшла ў першы класс ДУА ”Гошчаўская сярэдняя школа”. Цяпер я вучуся ў чацвертым класе. У гэтым навучальным годзе паступіла ў Гошчаўскі філіял “Косаўскай дзіцячай школы мастацтваў” і займаюся ў першым класе па класу баян.
Пачну я свой расказ са сваёй сям’і, з самых блізкіх і родных. Для кожнага чалавека гэта мама і тата.
Майго тату завуць Еўтух Міхаіл Аляксандравіч (*13. 09. 1972 г.). Нарадзіўся ў в. Гошчава. Як і ўсе дзеці пайшоў у першы клас Гошчаўскай СШ у 1979 годзе. Скончыўшы 10 класаў, паступіў у СПТУ-162 г. Івацэвічы па спецыяльнасці “механізатар”. Навучаўся два гады (1989 – 1990). У ліпені 1990 г. прыйшоў працаваць у калгас імя Леніна трактарыстам на родныя палі, на якіх правёў сваё дзяцінства. (Долю арміі тата не зведаў па прычыне захворвання. Урачы выявілі язву страўніка. Таму ён быў камісаваны). Праз 14 гадоў аставіў трактар і прапрацаваў чатыры гады пастухом буйнай рагатай жывёлы. З 2008 па 2010 гг. даглядаў маладняк цялят, а з 2010 года і па цяперашні час працуе слесарам на малочнай ферме СВК “Новыя Стайкі”.
Мама Еўтух (Гойшык) Галіна Барысаўна (*13. 07. 1974 г. ) нарадзілася ў г. Івацэвічы. З 1975 па 1979 гг. наведвала дзіцячы сад г. Івацэвічы. У тым жа 1979 годзе па сямейных абставінах разам з маці пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў г. Кобрын. 1980 год стаў першым школьным годам мамы. Яна пайшла ў “падрыхтоўчы” клас СШ №5 г. Кобрына. У 1991 г. мама закончыла СШ №1 г. Кобрына і паступіла ПТВ – 153 г. Кобрына на спецыяльнасць “повар”. Пасля заканчэння вучылішча ў 1992 годзе была накіравана на кухню ЦРБ г. Кобрына.
7 лістапада 1998 года лёс вяртае маму на яе малую радзіму. Са студзеня 1999 года яна працуе ў калгасе імя Леніна даяркай. Тут і сустрэліся мае бацькі. І ўжо 4 чэрвеня 1999 года яны зарэгістрыравалі свой шлюб.
З верасня 1999 года па студзень 2008 года мама знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку. За гэты перыяд яна нарадзіла трое дзяцей (мяне і маіх братоў). У гэты час (2008г.) яна паступіла на завочную форму навучання ў Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж па спецыяльнасці “заатэхнік”. І цяпер мы вучымся разам з мамай - я ў школе, а яна ў каледжы (прыкладная дата выпуску 31 лістапада 2012 года). Адначасова з вучобай маме прыходзіцца працаваць у СВК “Новыя Стайкі” аператарам машыннага даення. Мамачцы вельмі цяжка сумяшчаць вучобу, работу і сям’ю, але мы ўсе стараемся дапамагаць ёй па магчымасці.
Мой старэйшы брат Еўтух Іван (* 17.12.1999 г.) да школы наведваў Гошчаўскі дзіцячы сад. У школу пайшоў у 2005 годзе. Цяпер ходзіць у 6 клас.
Малодшы брат Данііл (*25.12.2004 г.) таксама гадаваўся ў дзіцячым садку, а цяпер (з 2011/2012 нав. г.) першакласнік.
Бацька і маці – гэта мая родная сям’я, але кожны з іх належыць да розных сем’яў, да розных родаў. Сімвалам уласнага роду (бацькоўскага) з’яўляецца меч, таму аповед пойдзе цяпер пра бацькоўскі род, які называецца радаводам “па мячы”.
Мая бабуля Стась Валянціна Міхайлаўна (*07. 01. 1952 г. н.) нарадзілася ў в. Гошчава. (Дадатак 7). Першы клас яе сустрэў ў Гошчаўскай сямігадовай школе (1958 г.). Па сямейных абставінах у 2 клас бацькі перавялі яе ў Быценьскую школу-інтэрнат. Там бабуля закончыла 8 класаў. Пасля школы прыйшла працаваць у калгас імя Леніна даяркай. Тут яна добрасумленна прапрацавала ўсё сваё жыццё да выхаду на пенсію (2007 г.). За гады свайго працоўнага шляху атрымала шмат узнагарод, з’яўляецца ўдарнікам 10-й пяцігодкі. (На жаль, узнагарод сваіх не захавала). У бабулі трое дзяцей: Міхаіл (мой тата), Алена (*11.09.1976г.) і Аляксандр (*11.01.1987г.). Цяпер бабуля займаецца земляробствам, жывёлагадоўляй. У свабодны ад работы час вышывае і вяжа. (Дадатак 15).
Прадзед (тата бабулі) Еўтух Міхаіл Васільевіч (*1914 +1956 гг.)
нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У школу хадзіць магчымасці не меў. Патрэбна было працаваць на гаспадарцы ў бацькоў. Чытаць і пісаць вучыўся самастойна.
Патрэбна было жыць і працаваць, таму стаў краўцом-самавучкай.
У гады ВАВ працаваў краўцом. Шыў салдатам ваенную форму. Асабліва здатна ў яго атрымоўваліся шапкі.
Пасля вайны працаваў у калгасе будаўніком. Але ў хуткім часе захварэў сардэчным раўматызмам, тут жа прыключыліся сухоты. Медыцына на той час не валодала лекамі ад гэты хвароб. Так прадзядуля неспадзявана і памёр. (Дадатак 3).
Прабабулі Еўтух (Крук) Вользе Вікенцьеўне (*09.01.1924 г.) 88 гадоў. (Дадатак 5). Вось што расказала яна мне пра свае нялёгкае жыццё. Нарадзілася ў сям’і земляробаў. Сям’я мела сямёра дзяцей (Надзея, Ніна, Вольга, Рыгор, Павел, Георгій, Ганна). У тыя часы людзі мелі свае невялічкія надзелы зямлі, на сваёй зямлі і працавалі. Сеялі збожжавыя культуры, грэчку, проса, садзілі бульбу, лён і г.д., упору збіралі ўраджай. Гэта было неабходнай умовай, каб пражыць наступны год. Дзеці з ранняга маленства дапамагалі бацькам. Выконвалі пасільныя работы, якія залежалі ад узросту дзіцяці: пасвілі гусей, свіней, кароў, упраўляліся па гаспадарцы, у хаце.
Прабабуля Вольга ў сем гадоў (1931 г.) пайшла ў першы клас польскай школы. Закончыла 6 класаў. Школа была бесплатная, падручнікі куплялі самі, а потым іх перадавалі малодшым, або прадавалі . У школе вывучалі польскую мову, матэматыку, геаграфію, гісторыю, прыроду. На праваслаўны урок прыходзіў свяшчэннік. Дзяўчынак вучылі вышываць.
У школе была жорсткая дысцыпліна. Настаўнікі білі “лапу” лінейкай за непаслухмянасць, за невывучаныя ўрокі. Ставілі на калені ў кут з паднятымі рукамі ўгору, а бывала, яшчэ ў рукі давалі табурэтку. У куце
можна было прастаяць і цэлы ўрок.
Моцна запомніла прабабуля святкаванне Новага года, бо вучням выдавалі навагоднія падарункі – школьныя прылады. Цукерак не давалі. А каго адносілі да катэгорыі бедных, тым давалі адзенне.
У школу хадзіла толькі зімой. У астатнія месяцы трэба было працаваць на гаспадарцы.
Як пакінула школу, болей ручку ў рукі не брала. А рускія літары вучыла па тэксту песні. Такім чынам вучылася і чытаць.
Пасля заканчэння школы была ў няньках у багатых палякаў у Косаве і Сенькавічах, у паліцыянта ў Няхачаве. За гэта плацілі тры злотых у месяц. У 15 годоў пайшла на работу да асаднікаў у в. Яглевічы. Там працавалі на палях. Займалі гектары зямлі, дзе патрэбна было вязаць жыта за жаткаю, капаць бульбу,палоць , сеяць.
Пачалася вайна… Зноў трэба было выжываць. А тут яшчэ немцы ганялі на будаўніцтва дарогі з бруку. Работа вельмі цяжкая, бо трэба было
самым драбіць камяні.
Пасля заканчэння вайны прабабуля пайшла на работу ў лес. Там рубалі і пілавалі дрэвы, а вось платы за работу не давалі.
Пазней вазілі на работу на спіртзавод у г. Івацэвічы. Там загружалі чатырохмятровыя бярвенні ў вагоны. Тут ужо плацілі за рабочы дзень 100 грамаў спірту. У выніку ўсю гэтую работу ў стаж не залічылі.
З 1950 года пайшла працаваць у калгас паляводам. У калгасе і закончыла свой працоўны шлях.
У 1947 г. выйшла замуж. (Дадатак 4). Нарадзіла чацвярых дзяцей: Марыю, Паўла, Валянціну і Уладзіміра. Гаспадар хутка памер. А дзяцей трэба было адпраўляць у жыццё… (Дадатак 3).
Прабабуля расказала яшчэ аб тым, што ў іх у сяле была клічка Буры. Чаму так называлі? Яна пайшла ад бацькі. А бацьку дасталася ад яго дзеда. Ён служыў у памешчыка Бурына, таму і сталі называць Буры.
Бацькі майго прадзеда Міхаіла – Еўтух Васілій і Еўтух Вольга Іванаўна працавалі на гаспадарцы і на зямлі. У прапрадзеда Васілія было пяцёра сясцёр (Ксенія, Надзея, Марыя, Ганна, Серафіма) і брат Іван. (Дадатак 1).
Бацькі прабабулі Вольгі – Крук Вікенцій Варфаламеевіч (*1886 +1950 гг.) і Крук (Мультан) Алена Аляксандраўна (*1886 +1970 гг.).
Прапрадзед Вікенцій родам з в. Гошчава. Родных братоў і сясцёр у яго не было. У гады першай сусветнай вайны быў на фронце. Ваяваў у польскай арміі. За заслугі ў баявых дзеяннях улады выдзелілі яму участак зямлі памерам у 20 сотак у в. Гошчава, дзе ён у далейшым і пабудаваў сабе хату.
Бацьку майго прапрадзеда звалі Крук Варфаламей.
Прапрабабуля Алена родам з вялікай сям’і. Дзяцей у сям’і было пяцёра ( Алена, Антон, Сцяпан, Вольга, Аляксандра), поля ў бацькоў – мала, вось і працавала па чужых загонах у багатых людзей, каб дапамагаць бацькам. Бацька – Мультан Аляксандр, маці – Мультан (?) Аляксандра. Маці жыла пры асадніках у в. Юкавічы, трымала гаспадарку, а прадукты з гаспадаркі насіла ў Косава на прадажу.
У сям’і існуе добрая традыцыя, збірацца ўсім разам у прабабулі Вольгі на праваслаўныя святы Нараджэння Хрыстова, Пасху,Троіцу. Бабулю мы шануем, любім і паважаем. (Дадатак 6,7).
Гэтая назва паходзіць з даўніх часоў, калі лічылася, што з асобай жанчыны звязана кудзеля як праява гаспадарлівасці. Таму матчын радавод называецца радаводам “па кудзелі”, гэта значыць па продках маці.
Гойшык Барыс Сцяпанавіч (*04.11.1947 +09.09.2001 гг.) – мой дзядуля – нарадзіўся ў в. Размеркі ў сялянскай сям’і. Скончыў 11 класаў Гошчаўскай школы. Адслужыў у савецкай арміі ў Севастопалі (Крым) связістам. Пасля службы паехаў у Новалукомль. Там ён вучыўся на вытворчасці і працаваў на Новалукомльскай электрастанцыі ў аддзеле КІПа (кантрольна-вымяральныя прыборы). Захапляўся спортам, а асабліва лёгкай атлетыкай. Там жа і ажаніўся. Аставіў работу і разам з жонкаю вярнуўся на радзіму. Тут уладкаваўся на працу на газа - размеркавальную станцыю. З жонкаю развёўся і ажаніўся на маёй бабулі Давідовіч Яўгеніі Еўдакімаўне паўторна. У іх нарадзілася дачка Галіна (мая мама), але жыццё не склалася. (Дадатак 13).
У дзіцячыя гады дзядулі ў сямя’і галоўным святам быў Новы год. Дзеці ўбіралі ёлку цукеркамі, яблыкамі, выразалі ёлачныя цацкі з паперы, размалёўвалі іх каляровымі алоўкамі. А як цікава было зрываць ноччу цукеркі!
Улетку дзеці працавалі ў калгасе: на жатках, на зборцы ільну і г. д. Зімою вывозілі з калгасных хлявоў гной.
Любімымі гульнямі былі “Лапта”, “Сані”. З бярозавага палена выразалі канькі, прывязвалі іх вяроўкамі да валёнак і зімою гойсалі па лёдзе.
Бацькі дзядулі – Гойшык Сцяпан Ільіч (*1905 +1952 гг.) і Гойшык Агаф’я Кірылаўна (*05.01.1910 +07.12.2000 гг.) былі праваслаўныя. Пажаніліся ў 1939 годзе. Нарадзілі трое сыноў (Сяргея *1943г., Барыса *1947 +2001 гг., Івана *1951 +? гг.)
Мой прадзед Сцяпан Ільіч родам з в. Размеркі. У школу хадзіў у Гошчава. Працаваў на зямлі ў сваіх бацькоў. У юнацкім узросце (пры панскай Польшчы) стаў цікавіцца палітыкай і з16 гадоў пачаў займацца палітычнай дзейнасцю. За сваю палітычную ідэйнасць праследаваўся палякамі, быў арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турэмнага зняволення. Адсядзеў у г. Гродна ў турме 8 гадоў з 1921 па 1929 гг. і з групай аднадумцаў збег адтуль, зрабіўшы падкоп. Пасля гэтага вярнуўся дахаты і хаваўся ад польскай улады ў лесе, у гумне, у родзічаў і ў знаёмых да тых пор, пакуль на нашай тэрыторыі не ўсталявалася савецкая улада.
Перад самай вайной (1939 – 1940 гг.) быў старшынёй Гошчаўскага с/с.На гэтай пасадзе ён збіраў налогі (мяса, малако, сыр, масла, зярно), арганізоўваў людзей на масавыя работы (“шарвалак”- вываз лесу, кладка дарог і г. д.)
Калі на нашу зямлю прыйшлі нямецкія захопнікі, прадзядуля пайшоў у партызанскі атрад імя Дзімітрава. Ваяваў у Гута-Міхалінскіх лясах. Хадзіў на розныя заданні камандавання, займаўся падрыўной дзейнасцю. Прыняў бой паміж г. Косава і в. Бялавічы з нямецкім гарнізонам. У гэтым баі партызаны атрымалі перамогу, а немцы пасля доўга не паказваліся ў гэтых месцах.Быў ранены ў рукі. (Дадатак 9).
Пасля вайны быў узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі “За адвагу”, Ордэнам Чырвонай Зоркі. Нажаль усе ўзнагароды не захаваліся. (Дадатак11,12).
Прабабуля Агаф’я Кірылаўна нарадзілася ў в. Аўсто. Мела 4 класы польскай школы. У школе ёй добра давалася матэматыка. Пасля школы працавала на бацькоўскай зямлі. У 29 гадоў выйшла замуж.
Угады ВАВ была звязной атрада імя Дзімітрава. Перадавала звесткі, насіла партызанам адзенне, ежу.
Пасля вайны працавала ў калгасе паляводам “за палачку” (працоўны дзень). За дзень плацілі 200 г жыта, або 5 капеек. (Дадатак 10).
Бацькі майго прадзеда – Гойшык Ілья і Гойшык (?) Вера. Як і ўсе людзі ў той час, працавалі на сваёй зямлі і вялі гаспадарку.
Кірыеўская (Давідовіч) Яўгенія Еўдакімаўна (*10.09.1951) – мая бабуля. Родам яна з в. Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Закончыла 8 класаў. Паступіла ў Лунінецкі філіял Пінскага медвучылішча. Па яго заканчэнні стала фельдшарам. Працавала на ФАПах, ў ЦРБ г. Івацэвічы і г. Кобрына. Медыцыне аддала болей за 40 гадоў свайго жыцця. Мае ўзнагароды за шматгадовую і добрасумленную працу. (Дадатак 13).
Бацькі бабулі – Давідовіч Еўдакім Якаўлевіч (*1900г. +1970г.) і Давідовіч (?) Агрыпіна Пятроўна (*1907 г. +1967г.) (Дадатак 2,8).
Прадзед нарадзіўся у в. Пухавічы. Закончыў 4 класы царкоўна-прыхадской школы. Добра разбіраўся у матэматыцы. У гады вайны ваяваў у радах Чырвонай Арміі. Прымаў удзел у Кенігсберскай аперацыі. Узнагароджаны медалямі “За адвагу” і Ордэнам Чырвонай Зоркі. Пасля вайны працаваў у лясгасе, у рыбгасе. Цікавіўся палітыкай. Трагічна загінуў ( ў лесе прыдавіла дрэвам).
Прабабуля ў школе не вучылася, была неграматная. Працавала ў калгасе ў паляводчай брыгадзе. Нарадзіла дваіх дзяцей – Яўгенію і Марыю (*1947 г.). Была вельмі спагадлівая і добрая.
Пра далейшых продкаў нічога не вядома.
Хочацца расказаць пра “залатыя рукі” прабабулі Вольгі, бо за сваё жыццё яна навырабляла шмат цікавых і прыгожых твораў,у якія ўклала сваю душу, жыццёвы аптымізм, працавітасць. Бабуля цудоўна вышывае “крыжыкам” і “гладдзю”- гэта вышытыя фіранкі, падузорнікі, шторы, навалачкі, ручнікі. Валодае тэхнікай ткацтва. У яе захаваліся посцілкі, дываны, ручнікі. Дарэчы, першы свой ручнік яна сама выткала і вышыла ў 15 гадоў. Яшчэ бабуля вяжа на прутках і шыдэлкам, займаецца лапікавым шыццём, выбівае дываны іголкай. Бабуліны рукі здатныя да любой работы. Свае вырабы прабабуля захоўвае ў куфры. (Дадатак 14).
III. Заключэнне
У выніку праведзенага даследавання мая гіпотэза была даказана. Я вызначыла гістарычны шлях сваіх продкаў у радаводзе “па мячы” да шостага калена, а па “кудзелі” – да пятага.
Мне ўдалося атрымаць ключы да адкрыцця таямніц асабістых паводзін, доступ да радавой памяці, накопленай продкамі на працягу стагоддзяў. Усе разам – Еўтухі, Гойшыкі, Давідовічы, Крукі, Мультаны, Гаўрылікі – гэта наша сям’я, наш гонар і наша сумленне. Сабраўшы і вывучыўшы сямейныя дакументы, фотаздымкі, мне ўдалося скласці радавое дрэва. У працэсе даследавання адкрыліся невядомыя старонкі з жыцця маіх продкаў. Праведзеная работа была цікавая і захапляльная.
Я ўпэўнена, што кожны чалавек павінен ведаць і шанаваць сваіх продкаў. Яны ж пакаленне за пакаленнем перадавалі свае веды, свой вопыт, выхоўвалі ў дзецях самыя лепшыя, самыя важныя для чалавека якасці, гэтыя якасці перайшлі і да мяне.
А яшчэ гэта трэба, каб ведаць, што ты не адзінокі ў гэтым свеце. У мяне было шмат продкаў, а калі-небудзь будзе шмат патомкаў. І не перарвецца нітачка майго роду, маёй радаслоўнай. А які-небудзь нашчадак праз 100 або 200 гадоў скажа ўголас маё імя ў шэрагу іншых імён, знаёмячыся са сваёй радаслоўнай.
Дадзеная даследчая праца зацікавіла не толькі маіх родзічаў, але і аднакласнікаў. Цяпер многія рабяты займаюцца пошукам інфармацыі аб сваіх продках. Так і павінна быць, бо тут нашы карані, наша бацькоўская хата.
Спіс выкарыстанай літаратуры
Дадаткі
Урок па курсу “Чалавек і свет”. 2 клас
Настаўніца пачатковых класаў ДУА “Гошчаўская сярэдняя школа” Валошчык Надзея Іванаўна
Тэма: “Вада і яе ўласцівасці”
Мэта:садзейнічаць усведамленню малодшымі школьнікамі значэння вады ў прыродзе і для чалавека, неабходнасці беражлівага стаўлення да яе.
Задачы: фарміраваць ў навучэнцаў уяўленне пра ўласцівасці вады пры дапамозе ўключэння іх у вучэбнае даследаванне; стварыць умовы для асваення другакласнікамі ўяўленняў пра значэнне вады ў прыродзе і для чалавека; садзейнічаць далейшаму асваенню навучэнцамі вопыту элементарнай даследчыцкай дзейнасці, развіццю рэфлексійных уменняў, здольнасці рабіць вывады, устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі.
Абсталяванне: слайды па тэме “Вада”; абсталяванне для вопытаў: ліхтарык, чай, шклянкі, чайныя лыжкі, цукар, соль, пясок; тэставае заданне па тэме “Азбука харчавання”; схемы-апоры па тэме “Вада і яе ўласцівасці”.
Ход урока
Правілы, якія вы павінны выконвацць на ўроку (на дошцы):
Тэст па тэме “Значэнне і ахова паветра”
Адгадайце загадку.
Я і хмара, і туман, і ручай, і акіян,
І лятаю, і бягу, і шкляною быць магу.
(Вада.)
-Як вы думаеце, рабяты, пра што унас пойдзе гаворка сёння на ўроку?
- Тэма урока “Вада і яе ўласцівасці” ( на дошцы).
Мы павінны вызначыць, якое значэнне мае вада для жыцця на Зямлі, даследаваць уласцівасці вады.
-Паглядзіце на глобус . Блакітным колерам на ім паказаны акіяны і моры. Сінія “жылкі” – рэкі, блакітныя плямкі – азёры. Карычневым колерам абазначана суша. Вызначце, які колер пераважвае?
- Дзе знаходзяцца асноўныя запасы вады на зямлі?
Вывад: - Асноўныя запасы вады на Зямлі знаходзяцца ў морах і акіянах. Рэкі і азёры ўтрымліваюць нязначны запас вады”.
- Якой вады на Зямлі больш – прэснай ці салёнай?
- Чаму марская вада непрыдатная для піця?
- Як трэба адносіцца да прэснай вады?
Вывад: - Прэсную ваду трэба берагчы.
(Муьцімедыйная прэзентацыя).
- Рускі пісьменнік С. Т. Аксакаў сказаў: “Вада – красуня прыроды”. (Слайд №1). І пісьменнік мае рацыю. Гэтую красу мы бачым паўсюдна: і ў ціхай рэчцы (слайд №2), і ў блакітным возеры (слайд №3), і ў сінім моры (слайд №4). Прыгажосць гэта і ў воблаках, што плывуць над Зямлёй! (Слайд №5). Палюбуйцеся гэтымі відарысамі.
Хвілінка мудрай савы (слайд №6)
Паведамленне падрыхтаванае вучнем “А вы гэта ведаеце?”
У дарослага чалавека на 70 кг масы цела прыходзіцца 50 кг вады.
- Вада – адно з самых галоўных багаццяў на Зямлі. Якое ж яна мае значэнне на планеце? Старайцеся думаць і правільна адказваць на пастаўленыя пытанні.(Састаўленне схемы “Значэнне вады”шляхам эўрыстычнай гутаркі).
Пытанні для гутаркі:
- Як вы думаеце, каму нясе жыццё вада? (Жыццё жывым арганізмам: раслінам, жывёлам і чалавеку). (Слайд №7).
- Дзе зарадзілася жыццё на Зямлі? (У вадзе).
- Назавіце жывыя арганізмы, якія жывуць у вадзе. (Гарлачык белы, кубышка жоўтая, рыбы, ракі і г. д.). Чым з’яўляецца для гэтых раслін і жывёл вада? (Домам, месцам пражывання).
- Ад чаго вада ахоўвае нашу планету. (Ад замярзання).
- Для чаго вада патрэбна людзям? (Без вады не памыешся, не згатуеш ежу, не пальеш расліны, не памыеш машыну, не памыеш посуд, падлогу і інш.).
Вынік. Вада – цэнны дар прыроды. Ваду павінен берагчы кожны чалавек таму, што прэснай вады ў прыродзе мала, а чалавеку патрэбна чыстая вада.
Сустрэча з супрацоўнікам даследчай лабараторыі
(У медыцынскім халаце і шапачцы з’яўляецца вучань).
Я – навуковы супрацоўнік даследчай лабараторыі. Я правёў даследаванне: нешчыльна закрыў кран, каб вада выцякала тоненькім, амаль незаўважным струменьчыкам , і замерыў, колькі вады пры гэтым губляецца. Аказалася, што за 1 мінуту збіраецца цэлы стакан. Значыць за час з крана выльецца 12 л цэннай вадкасці, а за суткі – 300л. Вось такая атрымліваецца сумная матэматыка.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
У навуковай лабараторыі
Правядзенне доследаў па тэме “Уласцівасці вады”, апісаных ў падручніку на с. 19
- А зараз , разам з навуковым супрацоўнікам мы адправімся ў даследчую лабараторыю.
- Аднойчы летнім ранкам на пялёстку кветкі нарадзілася маленькая кропелька вады. Яна з цікавасцю назірала за наваколлем, радавалася яркаму сонейку і пералівалася на ім рознакаляровай вясёлкай.
Кветачка адкрыла вочка і ўбачыла кропельку вады.
- Якая ты прыгожая!, - сказала яна, - раскажы мне пра сябе, я хачу з табой сябраваць. Кропелька разгубілася. Яна была яшчэ такая маленькая, што нічога не ведала пра сябе…
- Давайце, рабяты, дапаможам кропельцы даведацца аб тым, якія ўласцівасці мае вада.
- Каб прыступіць да работы, успомніце правілы бяспечных паводзін пры правядзенні доследаў.
Правілы бяспечных паводзін пры правядзенні доследаў.
(Вучні дзеляцца на мікрагрупы і пад кіраўніцтвам настаўніка выконваюць практычную работу. У выніку практычнай работы складаецца схема “Уласцівасці вады").
Настаўнік прапануе вучням азнаёміцца з карткамі-заданнямі і прыступіць да работы над доследамі. У выніку праведзеных доследаў, кожная група, пасля абмеркавання пытанняў, праводзіць абарону сваёй работы.
Дослед №1. Вазьмі шклянку з вадой. Налі ваду ў дзве пустыя шклянкі.
Адкажы на пытанне: - Чаму гэта можна зрабіць?
Вынік: вада – вадкасць, яна цякучая, не мае формы.
Дослед №2. Вазьмі шклянку з вадой і лыжку. Апусці лыжку ў шклянку.
Адкажы на пытанне: - Ці відна лыжка? Чаму?
Вынік: вада празрыстая.
Дослед №3. Вазьмі шклянку з вадой і шклянку з чаем. Параўнай ваду з чаем.
Адкажы на пытанне: - Ці мае вада колер?
Вызнач, ці мае вада пах і смак.
Адкажы на пытанне: - Ці мае вада пах, смак?
Вынік 1: вада не мае колеру.
Вынік 2: вада не мае паху.
Вынік 3: вада не мае смаку.
Дослед №4. Вазьмі тры шклянкі з вадой. Насып у адну шклянку крыху солі, у другую – цукру, у трэцюю – пяску. Перамяшай лыжкай усё, што у шклянках.
Адкажы на пытанне: - Што ты заўважыў? Аб чым гэта гаворыць?
Вынік: вада – растваральнік, але раствараюцца ў ёй не ўсе рэчывы.
- Раскажыце маленькай кропельцы, што яна павінна ведаць пра сябе.
Абагульняючыя вывады праводзяцца з выкарыстаннем схемы “Уласцівасці вады”
-Будзем спадзявацца, што цяпер у кропелькі з’явіцца многа сяброў, не толькі адна кветачка.
- Параўнайце свой вывад з тэкстам падручніка на с.20.
(Ацэнка вучэбнай дзейнасці вучняў: кожны вучань дае самаацэнку сваёй дзейнасці шляхам выбару адпаведнай фішкі, затым кожны вучань дае ацэнку сваім таварышам па групе ў якой разам працавалі, пасля гэтага настаўнік каменціруе працэс і вынікі сумеснай дзейнасці вучняў).
Хвілінка мудрай савы (слайд №8)
- Да нас зноў завітала Мудрая сава. Яна хоча вам паведаміць аб тым, што ВАДА МАЕ ПАМЯЦЬ – гэта даказалі вучоныя. Калі над вадою гаварыць добрыя словы, напрыклад ДЗЯКУЙ, або чытаць малітву (слайд №9), вада прымае такі від. Калі гаварыць злыя словы, прыгажосць разбураецца.
- Якімі вы, рабяты, павіны расці людзьмі? (Добрымі).
Заданне ад Мудрай савы “Паразважай” (Слайд №10).
Кожнай групе прапануецца заданне для разважання.
Група №1. Дзе у быце людзі выкарыстоўваюць ваду як растваральнік? (У чаі і каве раствараюць цукар, вараць ежу і раствараюць соль, раствараюць парашок для прання, гатуюць напіткі рознага смаку:кіслыя, салодкія, кісла-салодкія).
Група №2. Якія ўласцівасці вады мы выкарыстоўваем калі мыем рукі? Гатуем ежу? (Цякучасць, вада – растваральнік, растварае некаторыя рэчывы).
Група №3. Якое значэнне мае вада для гэтых раслін і жывёл: шчука, рачны рак, гарлачык белы, кубышка жоўтая? (Месца для пражывання).
Група №4. Вада не растварае пясок і гліну, якія размяшчаюцца ў нас пад нагамі. Якое гэта мае значэнне? Што было б, каб вада растварала пясок, як цукар ці соль?
(Настаўнік каменціруе дзейнасць вучняў кожнай групы і вучні бяруць адпаведныя фішкі).
-Пакуль вы старанна працавалі, кропелька знайшла сабе сяброў, якія пазнаёмілі яе з пасловіцамі аб вадзе. Але яна іх не разумее. Дапамажыце ёй растлумачыць гэтыя пасловіцы.
(Кожнай групе раздаюцца разрэзаныя карткі з прыказкамі. Вучні злучаюць пачатак і канец пасловіц аб вадзе. Абмяркоўваюць сэнс. Тлумачаць пасловіцу).
- Якое рэчыва было прадметам размовы на уроку?
ВАДА
- Якія ўласцівасці мае вада? Вада якая?
ЦЯКУЧАЯ, ПРАЗРЫСТАЯ, НЕ МАЕ КОЛЕРУ, ПАХУ, СМАКУ, РАСТВАРАЛЬНІК
- Вада што робіць?
ЦЯЧЭ, БЯЖЫЦЬ, ШУМІЦЬ, ЗВІНІЦЬ, ЛЬЕЦЦА
- Успомніце прыказку, якая паказвае значэнне вады для жыцця на Зямлі. (Дзе вада, там і жыццё.)
ТАК +
НЕ -
1.Воблакі, туманы, дажды, сняжынкі, іней, раса – гэта вада.
ПРАВЕРКА ПА СХЕМЕ + - + - - (Самаацэнка. – Вазьміце адпаведную фішку. Абагульняючы каментарый настаўніка).
Для тых хто жадае: напоўніце 3 шклянкі вадой з-пад крана, калодзежа, з лужыны. Пастаўце на 1-2 гадзіны. Правядзіце назіранне. Зрабіце вывад, ці можна піць ваду з гэтых крыніц.