Гісторыя школы вельмі багатая. Першае ўпамінанне аб Гошчаўскай школе было ў 1861 годзе і з таго часу ўжо амаль 150 год складаецца яе гісторыя.
Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе ў Гошчаве была адкрыта прыватная школа. Праз два гады яна была пераўтворана ў народнае вучылішча. За 20 гадоў курс школьнага навучання закончылі 100 хлопчыкаў і 10 дзяўчынак.
Закончылася грамадзянская вайна. Дзяцей у школу хадзіла вельмі мала, таму што ў сялянскіх сем’ях панавала беднасць, голад, дзеці з малых гадоў працавалі.
У 1921 годзе ў прыватным доме была адкрыта пачатковая школа, а ў 1930 годзе пабудаваны будынак школы на чатыры класныя пакоі. З 1938 года школа стала сямігодкай. У ёй вучыліся дзеці з Гошчава, Размерак, Бычы, Сярадава, Аўста, Аляксеек і Няхачава.
У 1939 годзе ў Гошчаве адкрылася няпоўная сярэдняя школа, але вучняў набралася толькі для 1-5 класаў. У 1940-1941 навучальным годзе удалося набраць вучняў на поўны камплект няпоўнай сярэдняй школы, а ў чэрвені 1941 года адбыўся першы выпуск.
У 1942 годзе школа была спалена. Пасля вызвалення вёскі 1 верасня 1944 года заняткі былі адноўлены ў прыстасаваным для гэтага будынку. Дырэктарам школы быў назначаны Фёдар Аляксандравіч Кароль.Пад яго кіраўніцтвам у 1945 годзе перавезлі на школьны ўчастак кінутую хату з Няхачава, яна стала першым школьным будынкам.
З 1944 года па 1953 год школа была сямігодкай. У ёй навучаліся дзеці з Гошчава, а пасля закрыцця Размеркаўскай пачатковай школы - і з вёскі Размеркі. З пятага класа школа папаўнялася вучнямі з вёсак Бычы і Няхачава.
У 1946 годзе адбыўся першы пасляваенны выпуск Гошчаўскай няпоўнай школы.
Усё больш увагі пачало ўдзяляцца ўмацаванню базы школы. Неабходна было яе расшырэнне, патрэбна было выйсці з сельскіх хат, сабрацца ў адным месцы. У 1953 годзе пачалося будаўніцтва шлакабетоннага будынка на чатыры класных пакоі.
З 1957 года дырэктарам школы быў назначаны Мікалай Уладзіміравіч Случаноўскі, а праз два гады школу ўзначаліў Валянцін Іванавіч Фокін. У 1960 годзе новы будынак прыняў вучняў.
На ўчастку ў 6 гектараў вырас школьны гарадок. Быў пасаджаны сад, размясціўся прышкольны ўчастак, цяпліца, стадыён, геграфічная пляцоўка, цір, гаспадарчыя пабудовы. Быў пабудаваны гараж на 6 адзінак тэхнікі. У школе было арганізавана вытворчае навучанне трактарыстаў.
У 1964 годзе дырэктарам школы стаў працаваць Аляксей Пятровіч Ятчэня. Штогод паляпшалася матэрыяльна-тэхнічная база школы, прыходзілі новыя настаўнікі.
З 1968 года дырэктар школы – Мікалай Васільевіч Банасевіч.
У выніку напружанай прапцы педагагічнага калектыва ў школе ў перыяд 70-х гадоў былі добра абсталяваны кабінеты. Значна расшырылася бібліятэка. Вялікая ўвага ўдзялялася вытворчаму навучанню і працоўнаму выхаванню. Вытворчая брыгада школы ў 1977 годзе была ўдзельніцай выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі Савецкага Саюза. У школе была створана база для падрыхтоўкі трактарыстаў-машыністаў і паспяхова рыхтаваліся кадры механізатараў для сельскай гаспадаркі. Многія вучні ў тыя гады ішлі працаваць трактарыстамі ў свой родны калгас імя Леніна. Калі ў 1982 годзе Мікалай Васільевіч Банасевіч пайшоў на заслужаны адпачынак, кіраўніком школы была назнача Зінаіда Уладзіміраўна Майсейчык. Школа пачала крочыць шляхам школьнай рэформы. Удасканальваўся вучэбна- выхаваўчы працэс, больш увагі ўдзялялася працоўнаму, маральнаму і ідэйнаму выхаванню.
З 1982 года ў школе дзейнічае вучнёўская вытворчая брыгада, якая з’яўлялася чацвёртым вытворчым звяном калгаса ім.Леніна. Члены брыгады неаднаразова выходзілі пераможцамі ў спаборніцтвах брыгад раёна.
У 1986 годзе вучнёўская брыгада мае ў сваім складзе жывёлагадоўчае, паляводчае і гароднінаводчае звенні. Юныя жывёлаводы даглядалі цялят, даілі кароў, паляводы вырошчвалі буракі, лён, бульбу. Кіравалі звеннямі спецыялісты калгаса ім.Леніна і настаўнікі школы.
Вынікі Чарнобыльскай аварыі не дазволілі рэалізоўваць планы супрацоўніцтва школы і калгаса. Дзецям забаранялася працаваць на калгасных палетках, каб не нашкодзіць іх здароўю. Гэта вельмі добра разумелі кіраўнікі базавых прадпрыемстваў і не пакідалі школу, дапамагалі матэрыяльна.
Мяняюцца кіраўнікі школы і прадпрыемтваў, але не мяняюцца ўзаемаадносіны паміж Гошчаўскай школай і базавым прадпрыемствам, цяпер ужо ААА “Новыя Стайкі”.
На працягу многіх гадоў асноўным сацыяльным партнёрам школы з’яўляецца ААА “Новыя Стайкі”, якім цяпер кіруе Шамярэй Павел Аляксандравіч.