История и традиции

Гісторыя школы вельмі багатая. Першае ўпамінанне аб Гошчаўскай школе было ў 1861 годзе і з таго часу ўжо амаль 150 год складаецца яе гісторыя.

Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе ў Гошчаве была адкрыта прыватная школа. Праз два гады яна была пераўтворана ў народнае вучылішча. За 20 гадоў курс школьнага навучання закончылі 100 хлопчыкаў і 10 дзяўчынак.
Закончылася грамадзянская вайна. Дзяцей у школу хадзіла вельмі мала, таму што ў сялянскіх сем’ях панавала беднасць, голад, дзеці з малых гадоў працавалі.
У 1921 годзе ў прыватным доме была адкрыта пачатковая школа, а ў 1930 годзе пабудаваны будынак школы на чатыры класныя пакоі. З 1938 года школа стала сямігодкай. У ёй вучыліся дзеці з Гошчава, Размерак, Бычы, Сярадава, Аўста, Аляксеек і Няхачава.
 

У 1939 годзе ў Гошчаве адкрылася няпоўная сярэдняя школа, але вучняў  набралася  толькі для 1-5 класаў. У 1940-1941 навучальным годзе удалося набраць вучняў на поўны камплект няпоўнай сярэдняй школы, а ў чэрвені 1941 года адбыўся першы выпуск.

 
 
 
У 1942 годзе школа была спалена. Пасля вызвалення вёскі 1 верасня 1944 года заняткі былі адноўлены ў прыстасаваным для гэтага будынку. Дырэктарам школы быў назначаны Фёдар Аляксандравіч Кароль.Пад яго кіраўніцтвам у 1945 годзе перавезлі на школьны ўчастак кінутую хату з Няхачава, яна стала першым школьным будынкам.

 

З 1944 года па 1953 год школа была сямігодкай. У ёй навучаліся дзеці з Гошчава, а пасля закрыцця Размеркаўскай пачатковай школы -  і з вёскі Размеркі. З пятага класа школа папаўнялася вучнямі з вёсак Бычы і Няхачава.

У 1946 годзе адбыўся першы пасляваенны выпуск Гошчаўскай няпоўнай школы. 
 
 
У 1951 годзе дырэктарам школы быў назначаны Васілій Фаміч Жаўнярчук. У гэтым годзе Гошчаўская сямігадовая школа была пераведзена ў сярэднюю, першы выпуск якой адбыўся ў 1954 годзе.

 

    Усё больш увагі пачало ўдзяляцца ўмацаванню базы школы. Неабходна было яе расшырэнне, патрэбна было выйсці з сельскіх хат, сабрацца ў адным месцы. У 1953 годзе пачалося  будаўніцтва шлакабетоннага будынка на чатыры класных пакоі. 
З 1957 года дырэктарам школы быў назначаны Мікалай Уладзіміравіч Случаноўскі, а праз два гады школу ўзначаліў Валянцін Іванавіч Фокін.   У 1960 годзе новы будынак прыняў вучняў.  

 

На ўчастку ў 6 гектараў вырас школьны гарадок. Быў пасаджаны сад, размясціўся прышкольны ўчастак, цяпліца, стадыён, геграфічная пляцоўка, цір, гаспадарчыя пабудовы. Быў пабудаваны гараж на 6 адзінак тэхнікі. У школе было арганізавана вытворчае навучанне трактарыстаў.
 У 1964 годзе дырэктарам школы стаў працаваць Аляксей Пятровіч Ятчэня. Штогод паляпшалася матэрыяльна-тэхнічная база школы, прыходзілі новыя настаўнікі.
З 1968 года дырэктар школы – Мікалай Васільевіч Банасевіч.
 
   У выніку напружанай прапцы педагагічнага калектыва ў школе ў перыяд 70-х гадоў былі добра абсталяваны кабінеты. Значна расшырылася бібліятэка. Вялікая ўвага ўдзялялася    вытворчаму навучанню і працоўнаму выхаванню.      Вытворчая брыгада школы ў 1977 годзе        была ўдзельніцай выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі Савецкага Саюза. У школе была створана база для падрыхтоўкі трактарыстаў-машыністаў і паспяхова рыхтаваліся                     кадры    механізатараў для сельскай гаспадаркі. Многія вучні ў тыя гады ішлі працаваць           трактарыстамі ў свой родны калгас імя Леніна. Калі ў 1982 годзе Мікалай Васільевіч Банасевіч пайшоў на заслужаны адпачынак, кіраўніком школы была назнача Зінаіда Уладзіміраўна            Майсейчык. Школа пачала крочыць шляхам школьнай рэформы. Удасканальваўся вучэбна-      выхаваўчы працэс, больш увагі ўдзялялася працоўнаму, маральнаму і ідэйнаму выхаванню. 
    
    З 1982 года ў школе дзейнічае вучнёўская вытворчая брыгада, якая з’яўлялася чацвёртым вытворчым звяном калгаса ім.Леніна. Члены брыгады неаднаразова выходзілі пераможцамі ў спаборніцтвах брыгад раёна.
    У 1986 годзе вучнёўская брыгада мае ў сваім складзе жывёлагадоўчае, паляводчае і гароднінаводчае звенні. Юныя жывёлаводы даглядалі цялят, даілі кароў, паляводы вырошчвалі буракі, лён, бульбу. Кіравалі звеннямі спецыялісты калгаса ім.Леніна і настаўнікі школы.
   Вынікі Чарнобыльскай аварыі не дазволілі рэалізоўваць планы супрацоўніцтва школы і калгаса. Дзецям забаранялася працаваць на калгасных палетках, каб не нашкодзіць іх здароўю. Гэта вельмі добра разумелі кіраўнікі базавых прадпрыемстваў і не пакідалі школу, дапамагалі матэрыяльна.
   Мяняюцца кіраўнікі школы і прадпрыемтваў, але не мяняюцца ўзаемаадносіны паміж Гошчаўскай школай і базавым прадпрыемствам, цяпер ужо ААТ “Новыя Стайкі”.
   На працягу многіх гадоў асноўным сацыяльным партнёрам школы з’яўляецца ААТ “Новыя Стайкі”, якім цяпер кіруе Андрэй Васільевіч Лукіянчык. Навучальная ўстанова дапамагае гаспадарцы ва ўборцы ўраджаю, а тая ў сваю чаргу аказвае спонсарскую дапамогу.